Адрас: 247673 г.Рагачоў,
вул. Інтэрнацыянальная, 7
Е-mail: priem@mail.gomel.by
Факс: 8 02339 3 64 66
Тэлефон: 8 02339 3 62 10
Рагачоўшчына ўзгадавала не адзін дзясятак спартсменаў высокага класа. Сярод іх алімпійскі чэмпіён М.С. Гарбачоў (Мюнхен, 1972), бронзавы прызёр Алімпіяды А.А. Мельнікава (Масква, 1980). У розныя гады на п'едэсталы сусветных і еўрапейскіх чэмпіянатаў падымаліся весляры В.Е. Вераб'ёў, С.І. Калеснік, А.В. Бакунова, В.Ф. Борыкаў, Т.B. Рычага і іншыя. Больш за 120 рагачоўцаў сталі майстрамі спорту СССР, БССР, Рэспублікі Беларусь, 13 - майстрамі спорту міжнароднага класа.
Слаўныя спартыўныя традыцыі сёння працягвае маладое пакаленне спартсменаў - Соф'я Міхейчык, Уладзіслаў Шкрабаў.
Далёка за межамі Рэспублікі Беларусь вядомы нашы трэнеры.
Заслужаныя трэнеры СССР: Станібула Віктар Сцяпанавіч, Гаўрыленка Мікалай Васільевіч, Караленка Уладзімір Іванавіч; заслужаны трэнер БССР - Шышоў Генадзь Прохаравіч. Выпускнікамі Рагачоўскай спартыўнай школы з'яўляюцца заслужаныя трэнеры Рэуцёнак Леанід, Шантаровіч Уладзімір, Скрыганаў Віталь і многія іншыя.
У раёне створана добрая база для заняткаў фізкультурай і спортам: стадыён з трыбунамі на 5,5 тысяч месцаў, 2 стандартныя 25-метровыя басейны (СДЮШАР № 2 і ДЮСШ №1), 7 міні-басейнаў (дашкольныя ўстановы, ФАК «Ціхінічы»), 2 вяслярныя базы і 43 спартыўныя залы.
З сельскім насельніцтвам фізічнай культурай і спортам займаюцца 12 інструктараў-метадыстаў ФСК «Ураджай» і 8 інструктараў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый.
Падрыхтоўку спартсменаў-планерыстаў вядзе Рагачоўска-Жлобінскі аэраклуб.
У дзвюх спартыўных школах вядзецца падрыхтоўка спартсменаў па веславанні на байдарках і каноэ, гандболе, плаванні (СДЮШАР №2), лёгкай і цяжкай атлетыцы, футболе, шахматах, настольным тэнісе (ДЮСШ №1). Ёсць вынікі.
Толькі за апошні час у сценах Рагачоўскай СДЮШАР № 2 падрыхтавана больш за 1000 спартсменаў масавых разрадаў, 96 спартсменаў 1-га разраду, 48 кандыдатаў у майстры спорту, 15 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь, 3 майстры спорту міжнароднага класа.
У вышэйшае звяно перададзена больш за 30 выхаванцаў. За гэты час у спісачным складзе нацыянальных зборных краіны па веславанні на байдарках і каноэ і па гандболе падрыхтавана больш за 35 выхаванцаў школы. Членамі нацыянальных каманд па веславанні на байдарках і каноэ з'яўляюцца 8 рагачоўцаў, па гандболе - 6.
У ДЮСШ №1 за апошнія дзесяць гадоў падрыхтавана 28 майстроў спорту па футболе, лёгкай і цяжкай атлетыцы, паўэрліфцінгу, гіравым спорце і армрэслінгу,
2 майстры FIDE па шахматах, 56 кандыдатаў у майстры спорту. Прыемна, што 28 навучэнцаў ДЮСШ №1 уваходзяць альбо ўваходзілі ў спісачны склад нацыянальных зборных Беларусі. Традыцыйнымі на Рагачоўшчыне сталі раённыя круглагадовыя спартакіяды па 12 відах спорту, спартакіяды зборных каманд сельскіх Саветаў, а таксама галіновыя спартакіяды работнікаў арганізацый і ўстаноў раёна.
Штогод праводзяцца спартыўныя турніры ў памяць землякоў B.C. Станібулы, В.М. Ядчанкі, В.Н. Сцяпанава, А.І. Кандрацьевай, А.Т. Чубкова.